Радасць
Автор публикации: А. Синявский, ученик 9 класса
Радасць
У садзе расла Ружа. Была яна вельмі прыгожая і незвычайная: яна мела рознакаляровыя пялёсткі. І былі яны не простыя, а чароўныя, бо спаўняла прыгажуня жаданні.
Час ішоў. Ружа сталела. Засталося толькі тры жаданні, якія яна магла выканаць.
Аднойчы побач пасвіўся Конь. Убачыў кветку, палюбаваўся і сам сабе гаворыць: “Нешта тут мала мне ежы. Хачу, каб на лузе было многа травы, ды пасмачней”. Словы Каня Ружа пачула і палічыла жаданнем, якое тут жа споўніла.
Праз некаторы час ідзе міма Паляўнічы і скардзіцца: “Нешта ў лесе мала дзічыны. Вось каб развялося яе больш і буйней!” І гэтае жаданне Ружа выканала. А сама думае: “Што я яшчэ магу? Якую карысць на старасці магу прынесці?”
Прайшло колькі часу. Сонца пякло няспынна. Усё горш сябе адчувала Ружа. Спужалася чараўніца, ці паспее выканаць апошняе жаданне, ці можа яно будзе злым і шкодным. Раптам аднекуль данёсся нейкі шэпт.
– Хто тут? – спытала Ружа. Аднак нічога не пачула ў адказ.
Паглядзела кветка-чараўніца вакол і ўбачыла маленькую раслінку. Прыслухалася.
– Піць, піць, піць, – прасіла тая.
І Ружа з радасцю выканала апошняе жаданне. Упалі на зямлю першыя дажджавыя кроплі, а пасля пасыпаліся ўсё мацней і мацней. Ружа ўбачыла, як раслінка паступова падымае галоўку і робіцца прыгожай маладой Ружай з рознакаляровымі пялёсткамі.
– Бывай, бывай, – толькі і паспела вымавіць Ружа, пасля чаго сама ператварылася ў вясёлку.
Доўга радавала яна ўсіх, ззяючы на небе і назіраючы, як яе дачушка працягвае на зямлі спаўняць жаданні.
Горбачёва Марина Юрьевна