12+  Свидетельство СМИ ЭЛ № ФС 77 - 70917
Лицензия на образовательную деятельность №0001058
Пользовательское соглашение     Контактная и правовая информация
 
Педагогическое сообщество
УРОК.РФУРОК
 
Материал опубликовала
Нарбунтович Наталья241
Беларусь, г. Минск
0

Выхаваўчае мерапрыемства нацыянальнага накірунку «Запрашаем на вячоркі»

Выхаваўчае мерапрыемства

нацыянальнага накірунку

ЗАПРАШАЕМ НА ВЯЧОРКІ

Котава Наталля,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

сярэдняй школы №34 г.Мінска

Мэта: пазнаёміць вучняў з цікавымі звесткамі гісторыі сялянскага быту; выхоўваць любоў і павагу да сваей Радзімы, яе гісторыі, быту і традыцыям; развіваць дапытлівасць, знаходлівасць, ініцыятыву.

Дзеянне адбываецца ў актавай зале на сцэне


Дзеючыя асобы: бабуля, Кацярынка, Васілек, Наталька, Алеся, Светка, Андрэй, Міхась, Алёна, Насцечка, Юрась, Паўлік, дзядзька Мікола, цётка Ганна.
Рэквізіт: стол, лаўкі, посуд, ручнікі, куфар, вілачнік, нацыянальнае ўбранне залы.

Зява 1

Ранняя вясна. Вечар. Зацемненая сцэна і глядзельная зала. Ціха гучыць фоназапіс беларускай народнай мелодыі. Адкрываецца заслона. Гарыць невялікі агонь у лампадцы і лямпе.

Тэатральны пражэктар асвятляе па цэнтры Кацярынку і яшчэ трох дзяўчынак-сябровак, апранутых у дзіцячае беларускае адзенне. Дзеці парамі трымаюць па краях адзін доўгі белы ручнік, па канцах вышыты чорнымі і чырвонамі крыжыкамі. Дзяўчынкі вельмі зацікаўлены ўзорам і імітуюць вышывальныя рухі. У глыбіні сцэны ціха паяўляецца бабуля Алена. Яна падыходзіць да дзяцей і становіцца ля цэнтра ручніка. Музыка сціхае.

Бабуля. І чым гэта вы, мае дзеткі, тут занятыя? Чаму ж ты, Кацярынка, нічога ў пару не робіш? Помні, што адклад не ідзе на лад.

Кацярынка. Ах, калі так, бабулечка, дык тады дай мне сягоння тыя цукеркі, што ты схавала на заўтра.

Бабуля. Ах, Кацярынка, Кацярынка...(паўза).

І хто ж гэта вам дазволіў адкрываць мой куфар? (Паказвае на яго.)

Кацярынка. Ой, выбачай, бабулечка! Я вырашыла паказаць сваім сяброўкам твой прыгожы вясельны куфар і ручнік.

Бабуля (задаволена). Ой, так, мае дзеткі. Гэта сапраўды мой вясельны ручнічок, падножнікам называецца. Калі я была яшчэ маладая (цяжка ўздыхае) і выходзіла замуж за вашага дзеда Васіля, то ў час вянчання ў царкве мы з ім стаялі на гэтым белым і даўгім ручніку. Перад богам і людзьмі кляліся навечна адзін аднаму ў вернасці і каханні. (У час аповеду бабулі справа з-за заслоны паяўляецца Васілёк, які трымае на плячы ручнік-уціральнік і выцірае аб яго рукі.)

Васілёк. Бабуля, а чаму ён такі доўгі і белы?

Бабуля. Доўгі і белы чаму? Відаць, таму ён доўгі, мае дзеткі, каб я з вашым дзедам шмат гадоў, аж да самае смерці, у пары жыла. А белы? (Задумваецца.) Напэўна, каб мы былі сумленнымі, давяралі адзін аднаму, былі чыстымі ў думках і справах сваіх.

Кацярынка. Бабулечка, а што гэта за дзіўныя ўзоры на ім: чырвоныя і чорныя крыжыкі па канцах?

Бабуля (задумліва): Так, і сапраўды цікавыя і загадкавыя вышыўкі на ім. Чорныя крыжыкі – гэта, відаць, наша зямля, глеба, куды кідаюць збожжа ў час сяўбы. А чырвоныя - гэта няйнакш зярняткі і сонца, што даюць цяпло і жыццё ўсяму жывому. (Праз невялікую паўзу.) А можа, мае дзеткі, гэта яшчэ і радасць, і сум. Не заўсёды ж у людзей вяселле бывае, прыходзіць і бяда. (Рэзка пасля невялікай паўзы.) А што гэта вы апанавалі мяне ўсякімі-ўсялякімі пытаннямі? Давайце лепш, мае дарагія, я вас навучу танцу маёй маладосці, падыспань называецца.

(Усе удзельнікі сцэны становяцца парамі. Бабуля Алена бярэ за руку Васілька і прапануе паўтараць за ёю ўсе рухі. Гучыць музыка падыспані. Танец выконваецца цалкам. Пад канец яго за дзвярыма чуецца смех дзяўчынак і тупанне ног.)

З’ява 2

Злева ад гледачоў уваходзіць у хату тры-чатыры дзяўчынкі, таксама апранутыя па-святочнаму.

Дзяўчынкі. Добры вечар у хату!

Бабуля і Кацярынка. Добры вечар, дзяўчаткі! Заходзьце, калі ласка, сядайце. (Госці скідаюць вопратку і кладуць яе на лаву або скрыню пры ўваходзе.)

Наталька. Прабачце, калі ласка, бабуля Алена, што парушылі ваш пакой, але мы прыйшлі да вас на вячоркі.

Алеся. Нядаўна нашы бацькі пайшлі да цёткі Агаткі. Ну а мы, каб не сумаваць ды і вас павесяліць, таксама ціхенька падаліся за дзедам следам.

Бабуля. Сядайце, мае харошыя, уладкоўвайцеся. Толькі дужа не шуміце і не тузайцеся. А я пайду на кароўку гляну, ацяліцца вось-вось павінна. (Выходзіць. Дзяўчынкі з невялікім штурханнем і шумам сядаюць на лаўкі. Невялікая нямая паўза.)

Светка. Ох, заўтра і вецер будзе!

Васілёк. А ты адкуль гэта ведаеш, такая разу-мна-я? (Працяжна.)

Светка. Як жа адкуль? Ды прыкмета ёсць народная: калі верабі пералятаюць з месца на месца, чакай моцнага ветру. Дый нашы гусі і куры пахавалі галовы ў пере і стаяць на адной назе – таксама на холад. А яшчэ я нядаўна чула ад майго дзядулі, што гэта вясна наогул будзе сухая, бо мышы зрабілі гнёзды ў нашай саломе нізка (паказвае), пры самай зямлі. І яшчэ дзед казаў, што год гэты мокрым будзе, бо вольха распусцілася раней за бярозу. Вось як! (З выклікам глянула на Васілька.)

Васілёк. Ну ты і вучоная, Светка-катлетка, доўгая шкарпэтка! (Нахабна крывіць тварык пры дражнілцы.)

Светка. Што?! Зноў ты...(Падымаецца і, узяўшы рукі ў бокі, ідзе, наступаючы, да Васілька.)

Васька-кабаська,

Куцы парасёнак:

Ножкі гнуцца,

Кішкі валакуцца.

Семдзесят парасят,

Толькі ножкі вісяць. (Паказвае язык.)

Васілёк (чуць не плача). А ты! А ты...

Кацярынка (прыпыняе і даволі сур’ёзна). Годзе, блазнота! Сядайце па месцах. Зачалі сварку, як Юлька Каюкова. Лепш паслухайце, якую я вам гісторыю раскажу, што з нашай бабуляй Аленай некалі ў дзяцінстве адбылася. Хочаце ці не? (Дзеці ўсе зацікаўлена згаджаюцца.)

Была наша бабулька яшчэ малой, ну як мы зараз з вамі. Пайшла яна аднойчы на могілкі. А за ёю нейкі кот увязаўся. Вялікі, як сабака, чорны з белай шыйкай. Яна на яго замахнулася. А ён скрывіў галаву ды :” Мяў! Мяў! Мяў!” Тры разы мяўкнуў. Спалохалася мая бабулька, дастала крыжык і перахрысціла яго. І дзе ён толькі падзеўся? (Спалохана ўсе загулі.)

А вось яшчэ паслухайце. Аднойчы прала наша бабуля кудзелю ў хаце з дзяўчатамі. Папрыходзілі да іх нейкія хлопцы. Прыгожыя. На вопратках гузікі блішчастыя. Селі каля дзяўчат і не даюць ім прасці. Усе клічуць іх : “Пойдзем, дзеўкі, пойдзем на вуліцу”. У нашай бабулі верацяно на падлогу звалілася. Яна нагнулася, каб падняць яго, аж бачыць: у іх замест ног лапы. Паказала яна гэта дзеўкам. А хлопцы ўсе клічуць іх на вуліцу. А яны не ідуць. Тады хлопцы як свіснуць! Яблыкі ўсе пападалі, салома са стрэх павылазіла. Вось што было! (Са страхам зноў усе загаманілі.)

Алеся (пасля невялікай паўзы). А хочаце, я вам таксама раскажу, як лён дзяўчыну выратаваў? (Усе згаджаюцца.)

У адным сяле жыла прыгожая дзяўчына і хацела яна выйсці замуж за багатага, але ніхто не сватаўся да беднай. І вось аднойчы да гэтай дзяўчыны прыехаў багаты пан на вараных конях. Ён быў прыхожа апрануты – увесь ў золаце. І гаворыць: “Што, спадабаўся я табе, Алеся?” Дзяўчына пачырванела і кіўнула галавой. І насыпаў ей малады паніч золата поўны куфар, а дзяўчына не бачыла, што гэта не золата, а вуголле. Тады яны селі на коней і паехалі да яго ў палац. Коні ляцелі, як быццам ў іх сядзела нячыстая сіла. І толькі цяпер дзяўчына ўбачыла пад сурдутам у маладога пана хвост. І здагадалася яна, што гэта не пан, а чорт. (Дзве-тры дзяўчынкі войкнулі.)

Тады выскачыла яна з карэты і схавалася ў лёне. А чорт і кажа: “Лён, лён, аддай дзяўчыну”. А лён падумаў, і стала яму шкада гэтай дзяўчыны, і гаворыць ён, што аддасць яе пасля таго, як раскажа ўсю сваю біяграфію. І стаў лён расказваць, як яго рвалі і складвалі ў кучкі, потым вазілі на ток і абівалі, як яго пасля часалі і мялі, як з яго кужалю пралі ніткі, як ткалі, як палотны адбельвалі, як вопратку з палотнаў шылі і што носяць яе мужыкі бедныя.

І пакуль лён расказваў сваю біяграфію, ужо заспявалі трэція пеўні, і чорт знік. Пасля таго выпадку дзяўчына больш не шукала багатага пана, каб выйсці замуж. Вось як было. (Усе з палёгкаю ўздыхнулі.)

Наталька. А паслухайце, дзяўчаткі, што нядаўна ў Мінску было. Хочаце ці не? (Усе згаджаюцца.)

Хадзілі дзеці гуляць на горку, а адна дзяўчынка ўвесь час адна гуляе. І вось пытаюцца ў яе людзі:

З кім ты гуляеш?

А яна і адказвае:

- З дзедам. У яго сівая бародка, ён гуляе са мною, кветкі збірае, цукеркі мне дае.

І вось аднаго разу прыйшла гэтая дзяўчынка дадому і кажа маці:

- Апрані мяне чыста, бо я памру.

Маці ў слёзы. А праз некалькі дзён і праўда гэтае дзіця памерла.

Дык вось людзі кажуць, што гэта не дзядок быў, а чорт.

Зява 3

Пры слове “чорт” за кулісамі нечакана чуецца топанне ног і звон перакінутых вёдзер. Усе дзяўчынкі з віскам і шумам хаваюцца: хто – пад стол, хто – пад лавы, а некаторыя туляцца да Кацярынкі.

У хату ўваходзяць тры-чатыры хлопчыкі.

Усе яны разам. Добры вечар у хату!

Васілёк. Добры вечар, хлопцы! А дзяўчат ужо і дух заняло: ні жывыя, ні мёртвыя. Эй, вылазьце. Баязліўкі! (Нагінаецца і глядзіць пад стол і лаўкі. Хлопцы таксама нагінаюцца і смяюцца.) Гэта ж Андрэй-верабей з хлопцамі прыйшоў.

(Дзяўчынкі незадаволена вылазяць са сваіх сховішчаў, асобныя з іх штурхаюць хлопцаў у спіны, плечы. Усе сядаюць на лавы.)

Кацярынка. А мы тут, хлопчыкі, розныя страхі расказваем. Праз тое і напалохаліся. Сэрца і зараз яшчэ не супакоілася.

Андрэй. Што тут вашы страхі! А я з Міхасём нядаўна ледзь не пабіўся.

Дзяўчынкі. І чаго ж гэта?

Андрэй. Ды адкуль назва нашага мястэчка пайшла, Мінск.

Дзяўчынкі ўсе разам. Ну і адкуль?

Андрэй. Дык вось, мой дзень Ян такое паданне расказаў. (На фоне ціхай музыкі апавядае легенду аб асілку Менеску.)

Міхась. Сядай! Вось лепш паслухайце, што гаворыцца пра наш горад ў адным вершы. (Чытае верш У. Караткевіча “Беларускія краявіды” на фоне музыкі.)

(Усе прысутныя дзеці дзеці ціха абмяркоўваюць пачутае.)

Кацярынка. Сапраўды, цікавая загадка паходжання нашага горада.

Алёна. А давайце я вам адну загадку раскажу, якую мне сёння мой бацька загадаў. Хочаце ці не? (Усе згаджаюцца. Алёна звяртаецца і да гледачоў у зале.) Ну, дык уважліва слухайце: па саломе ідзе, не шастае, па вадзе ідзе, не плюхае. (Сонца і цень.) (Усе дзеці ўразнабой даюць даюць адказы, правільныя і памылковыя.) А паслухайце тады яшчэ адну: пакуль бацька нарадзіўся, сын па свету нахадзіўся. (Агонь і дым.) (Знаў усе гадаюць.)

Насцечка. А вось мая загадка: вырас лес белы ўвесь, ні заўсці ў яго, ні паехаць. (Малюнкі марозу на вокнах.) І яшчэ загадаю адну: білі мяне, білі, калацілі, ва ўсе чыны ўзводзілі, з каралём на трон пасадзілі. (Лён.)

(Усе акцёры і гледачы гадаюць.)

Юрась. А маёй загадкі, напэўна, ніхто не адгадае. Праверым, наколькі вы тут разумныя і кемлівыя. Першая: што не мае даўжыні, глыбіні, шырыні, вышыні, а яго можна вымераць? (Час.) Другая: на якое пытанне нельга адказаць “так”? (Вы спіце?) Наступная: на якое пытанне нельга адказаць “не”? (Вы жывыя?)

(Амаль ніхто не адгадвае загадак Юрася. Здаюцца.)

Кацярынка. Ой, Юрасік, досыць табе загадваць. Давайце лепш у што-небудзь пагуляем.

Усе (згаджаюцца з гэтай прапановай і ўскокваюць з лавак). Давайце! Давайце! Толькі ў што?

Кацярынка. Ды хоць у Князя-Князевіча. А каб мы тут не пасварыліся і не пабіліся з-за таго, хто князем будзе, давайце лепш палічымся. Станавіцеся ў кола.

Кацілася торба

З высокага горба.

А ў той торбе

Хлеб, пшаніца.

З кім жадаеш

Ты дзяліцца?

(Пачынаецца гульня пад гучанне музыкі. Выбіраецца князь. Ён садзіцца і чакае дзетак. Дзеці адыходзяць убок і згаворваюцца збіраць ягады, чытаць ці пісаць і інш.

Потым дзеці ідуць да князя і гавораць:

- Добры дзень, князь-князевіч!

Князь адказвае:

Добры дзень, мілыя дзеткі! Дзе вы былі? Што рабілі?

Дзеці адказваюць:

У лесе! – і пачынаюць паказваць, што яны змовіліся рабіць.

Дзеці паказваюць, а князь павінен адгадаць. Калі адгадае, дзеці ад яго ўцякаюць, а ён іх ловіць. Каго зловіць, той робіцца князем, а ранейшы князь ідзе да дзяцей.

Гульня пачынаецца спачатку. На сцэне паказваюцца дзве фігуры.)

Кацярынка. Ох, нешта сумна стала. Давайце ў што больш вясёлае пагуляем. (Дзеці прапануюць “у панаса”)

Паўлік. А каб мы не пабіліся з-за таго, хто будзе панасам, то прапаную на вілачніку вырашыць. (Ідзе да печы, бярэ вілачнік. Дзеці па чарзе чапаюць за дрэўка адной рукой, а затым другой. Таму, хто возьме верх палкі, завязваюць вочы.)

(Дзеці пасля слоў “панас, панас, лаві нас, а не мышэй!” разбягаюцца, а “сляпому” даводзіцца лавіць іх па ўсёй хаце. Першы, каго зловяць, замяняе “сляпога” і сам пачынае лавіць. На сцэне паказваюцца дзве фігуры гульні.)

Кацярынка. Ой, годзе! А то ўсе ходнікі парасцягвалі. Прыйдзе бабуля, то ўжо дасць мне! (Папраўляе ходнікі.) А вось і яна. (У хату заходзіць бабуля Алена.)

Зява 4

Бабуля Алена. Ну як вы тут, мае дзеткі, не сумуеце? А нядаўна я на лузе бусла сустрэла. Значыць, ужо і яны прыляцелі. А ці ведаеце вы, чаму бусел жаб і вужоў збірае? (Усе жадаюць паслухаць.) Ну дык слухайце.

Калі бог зрабіў жаб, яшчарак і вужоў, то паклаў іх ў мяшок, даў яго трымаць буслу і сказаў, каб ён туды не глядзеў.

Бацяны ўзяла цікавасць, і ён раскрыў мяшок, каб паглядзець, што там ёсць. А ўсе яшчаркі і жабы ўзялі ды і павыскоквалі. Прыйшоў Бог і ўбачыў, што бусел павыпускаў усіх з меха, узяў дубца і пачаў бацяна біць па заду.Ад гэтага у бацяна зад і чорны. І сказаў яму Бог: “Усе жыцце хадзіць табе па балоце і збіраць тых жаб, што павыпускаў”. Вось як было.

(Дзеці загаманілі са здзіўленнем.)

Васілёк. А хочаце паслухаць анекдот, які мне сёння мой бацька расказаў. (Усе зноў зацікавіліся.) Ну дык слухайце.

Школьны інспектар, едучы праз вёску, запытаўся ў хлопца-школьніка дарогу да школы. Той дарогу паказаў. На другі дзень інспектар выклікаў яго ў школе да карты і запытаўся, як вядзе дарога ў Варшаву. Хлопец доўга глядзеў на карту і нарэшце сказаў: “Вы не ведаеце дарогі ў школу, а хочаце, каб я ведаў дарогу ў Варшаву”. (Усе дзеці смяюцца.)

Андрэй (пасля невялікай паўзы). Я таксама некалькі анекдотаў раскажу.

А што, Янук, ці спадабалася табе твая новая настаўніца? – пытаецца маці ў сына.

Дык яна, мамачка, нішто сабе і не старая. Але, мусіць, мала вучылася, бо ўсё ў мяне пытаецца.

(Зноў усе смяюцца.)

Аднойчы прыйшоў Стасік са школы раней тэрміну.

Што, зноў правініўся? – пытаецца маці.

Настаўніца сама вінавата. Яна сказала: паводзьце сябе як дома. Я так і паводзіў сябе. І яна адправіла мяне дамоў. (Чуецца смех.)

Міхась (працягвае). Настаўнік пытаецца ў вучня, які правінаваціўся:

Ты чаму прыйшоў у школу адзін? Я ж казаў табе без бацькоў не прыходзіць.

Я не маленькі, - адказаў вучань, - і без бацькоў дарогу ведаю. (Усе смяюцца.)

Кацярынка. Дзяўчаткі, можа, давайце паспяваем? (Дзяўчынкі згаджаюцца. У выкананні дзяцей са сцэны гучыць песня “Ой, да ішлі хлопцы...”.)

З’ява 5

Напрыканцы невялікага песеннага канцэрта за кулісамі чуюцца галасы і тупанне жынчын і мужчын. Першым заходзіць з рэменем у руках дзядзька Мікола, а астатнія – хто з дубцом, хто з ручніком.

Дзядзька Мікола. А вось яны дзе, чэрці! Мы з маці з ног збіліся, шукаючы гэтага бэйбаса, гэтага вісуса! А ён тут у цёткі Алены прападае. (Хапае за вуха Андрэйку і цягне яго бліжэй да гледачоў, хоча сцебануць паскам па заднім месцы, але той ухіляецца.)

Цётка Ганна (бярэ за падол спаднічкі сваю дачку Насцечку і таксама хоча пакараць дубцом). Я ж цябе, мая галубка, аб чым прасіла? Каб Мікітку паглядзела. А яна, вы паглядзіце, зноў да Кацярынкі збегла, як тая козачка ў агарод. Ну і дам! Ну і атрымаеш ты ў мяне!

Бабуля Алена. Ну і чаго вы тут разышліся, раскрычаліся? Ці даўно самі такія былі? Лепш павучыце гэтую блазноту словам добрым, песням ці танцам нашым.

Кацярынка. І праўда, дзядзька Мікола і цётка Ганна! Можа, вы б нам таксама што-небудзь праспявалі. А я чула, вы такія прыгожыя галасы маеце. У нашай ваколіцы вы найлепшыя спевакі!

(Усе дзеці просяць. Пасля невялікага вагання бацькі згаджаюцца і пяюць разам з усімі песню “Купалінка” і водзяць карагод.)

Опубликовано в группе «УРОК.РФ: группа для участников конкурсов»


Комментарии (0)

Чтобы написать комментарий необходимо авторизоваться.